З прывітальным словам выступіла дырэктар Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Сняжана Каляда. Павітаўшы ўдзельнікаў выставы, прамоўца адзначыла вялікую ролю мастацтва ў жыцці чалавека, старанні настаўнікаў і навучэнцаў установы, якія праз мастацтва імкнуцца перадаць хараство навакольнага свету.
Калі ёсць талент
"У нас ёсць магчымасць тварыць. Мы можам спрабаваць, памыляцца, зноў спрабаваць — і станавіцца лепшымі кожны дзень. Быць — ужо шчасце. А жыць — гэта свята. Асабліва, калі побач тыя, хто верыць у цябе", — так пранікнёна гаварылі вядучыя. І не без падставы: у выставачнай зале перад прысутнымі выступілі навучэнцы мастацкага аддзялення, якія ўмеюць не толькі маляваць, але спяваць, танцаваць, весці гаворку так, каб спявала душа. Яны запрасілі ў свет натхнення, яркіх слоў, сапраўдных эмоцый.
Вялікае ўражанне аказалі нумары мастацкай самадзейнасці ў выкананні Дар'і Германюк ("Лісічка"), навучэнцаў тэатральнага аддзялення ("Разбегліся фарбы"), Міхаіла Гавакі ("Цікаўная Варвара"), Марыі Каляды ("Краіна цудаў"), Самуіла і Руфіны Нарбутовіч ("Сонечнае кола").
Свет натхнення
Ганаровае права адкрыць выставу "Мастацтва і мы" прадастаўляецца намесніку старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўгену Чычкану, дырэктару навучальнай установы Сняжане Калядзе, загадчыку мастацкага аддзялення Анастасіі Чычкан і вучаніцы 3 класа па спецыяльнасці "Выяўленчае мастацтва", чыё імя занесена на раённую Дошку гонару ў 2025 годзе, Ангеліне Ясюлі.
Нашы погляды спыняюцца на творах, якія змешчаны на выставе. На іх без замілавання немагчыма глядзець: яны крананаюць да глыбіны душы. Нават немагчыма паверыць, што гэта зрабілі дзеці. Яны розныя па характары, узросце і імкненнях, але аб'ядноўвае імкненне перадаць у сваіх працах любоў да роднага краю.
На сустрэчы была выказана асаблівая падзяка бацькам за тое, што яны вераць у непаўторныя таленты сваіх дзяцей, а таксама словы прызнання таленавітым настаўнікам: Анастасіі Уладзіміраўне Чычкан, Святлане Мікалаеўне Гусаковай і Таццяне Пятроўне Звонка.
— Няхай наша выстава і наша сустрэча стане пачаткам чагосьці цікавага і яркага, як карціна нашага жыцця, якую мы толькі пачынаем пісаць, — пажадалі арганізатары.
Мовай лічбаў
На мастацкім аддзяленні Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў вучыцца 74 навучэнцы (г.п. Карэлічы — 43, Жухавіцкі філіял — 31).
У групе ранняга мастацкага развіцця "Вясёлая палітра" за перыяд з 2019 па 2025 год навучалася 48 дзяцей дашкольнага і ранняга школьнага ўзросту.
У 2021-2022 навучальным годзе тром навучэнцам аддзялення аказана матэрыяльная дапамога з уручэннем пасведчання Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
На раённую Дошку гонару за перыяд з 2019 па 2025 год занесены пяць навучэнцаў аддзялення.
У 2024 годзе навучэнцы аддзялення прынялі ўдзел у 14 міжнародных і адной абласной выставе-конкурсе, двух рэгіянальных конкурсах. Усяго атрымана 26 Дыпломаў лаўрэата І ступені, восем — ІІ ступені, тры — ІІІ ступені.
За перыяд з 2019 па 2025 г.г. паступіла ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы сем навучэнцаў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ