Міжнародны дзень роднай мовы – свята, заснаванае Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў 1999 годзе для захавання культурнай і моўнай разнастайнасці. Па дадзеных ААН, у свеце налічваецца каля 7 тысяч моў, з іх больш за 2,5 тысячы знаходзяцца на мяжы знікнення, гэта значыць могуць у бліжэйшы час страціць апошніх носьбітаў. Кожныя два тыдні ў свеце знікае адна мова, а з ёй – і цэлая культурная і інтэлектуальная спадчына. ЮНЕСКА заклікае ўсе краіны процідзейнічаць такім негатыўным з'явам, бо народ жывы, пакуль людзі ведаюць родную мову.
Метадыст Карэліцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ганна Кавалевіч расказала пра папулярызацыю роднай мовы ва ўстановах адукацыі Карэліччыны:
– У нашым раёне працуюць 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У сямі з іх выкладанне вядзецца на беларускай мове. Беларускамоўныя класы працуюць у дзвюх рускамоўных школах: сярэдняй школе № 1 г. п. Карэлічы (1 клас – 8 вучняў, 2 клас – 10 вучняў, 6 клас – 12 вучняў) і сярэдняй школе г. п. Мір імя Г.І. Сташэўскай (2 клас — 9 вучняў, 4 – 10 вучняў, 6 клас – 6 вучняў, 7 клас – 8 вучняў, 8 клас – 8 вучняў, 9 клас – 9 вучняў). Любоў да роднай мовы прывіваецца і ў дзіцячых садках. Так, з шасці дашкольных устаноў тры працуюць на беларускай мове.
Штогод ва ўсіх школах раёна ў красавіку і маі праводзяцца бацькоўскія сходы, на якіх тлумачыцца заканадаўства аб магчымасці выбару мовы навучання. Першы ўрок кожнага навучальнага года абавязкова прысвячаецца беларускай тэматыцы і праводзіцца на беларускай мове. Добрай традыцыяй стала ў верасні святкаванне Дня беларускай пісьменнасці, а ў лютым – Дня роднай мовы. Педагогі арганізуюць і праводзяць конкурсы малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў, тэатралізаваныя пастаноўкі па матывах беларускіх твораў, конкурсы сумесных творчых работ бацькоў і дзяцей, літаратурныя віктарыны, гасцёўні і іншае. А каб прыцягнуць навучэнцаў да культуры нашых продкаў, ва ўсіх установах адукацыі на працягу года праводзяцца фальклорныя святы: “Калядкі”, “Гуканне вясны”, “Купалле”, “Масленіца”, “Багач”.
Лічу, што сёння адраджэнне і развіццё нацыянальна-культурных традыцый набывае асаблівую актуальнасць. А вучэбныя прадметы “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” садзейнічаюць фарміраванню нацыянальна свядомай, адукаванай, інтэлектуальна і эстэтычна развітай асобы, выхаванню чалавека з глыбокім гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі.
Настаўнік беларускай мовы сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Кацярына Варанко лічыць, што важная роля ў папулярызацыі беларускай мовы належыць настаўніку, а родную мову ўсе, без выключэння, павінны любіць, ведаць і ганарыцца ёй.
— Рэчка нараджаецца з ручаёў, дрэва расце з каранёў, а чалавечая годнасць i вартасць пачынаюцца з пашаны да роднага слова, да роднай зямлi, да ведання яе гiсторыi. Без каранёў чалавек — перакацi-поле. Беларуская мова і літаратура з’яўляюцца не толькi прадметамі вывучэння, але i сродкамі выхавання. На ўроках у вучняў фармiруецца свядомае разуменне самабытнасцi i непаўторнасцi беларускай мовы як адзiнай i ўнiкальнай з’явы на свеце, сродку, якi на працягу многiх вякоў служыць на карысць нацыi, дапамагае людзям абменьвацца думкамi i духоўнымi каштоўнасцямi, разумець адзiн аднаго. Мова захоўвае веды пра чалавека i сусвет, стварае гiстарычнае этнакультурнае асяроддзе, у якiм адбываецца станаўленне характару чалавека i яго iндывiдуальнасцi. Я асабіста лiчу, што, навучаючы сучасных школьнiкаў, вельмi важна не спазнiцца ў паведамленнi звестак, якiя спатрэбяцца iм у дарослым жыццi i з якiмi трэба ў любым узросце па-грамадзянску i па-чалавечы годна трымацца на зямлi продкаў, даражыць яе гiсторыяй, культурай, мовай. У сэрцы дзiцяцi з юных гадоў павiнна жыць трывога за сваiх родных: мацi, бацьку, бабулю i дзядулю, каб яно не вырасла з каменным сэрцам. Раўнадушны i абыякавы да лёсу сваiх блiзкiх чалавек не можа стаць сапраўдным патрыётам.
Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 1 г.п. Карэлічы Наталія Скок адзначае, што мова – душа народа, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны нацыянальны скарб. Таму сёння гонар і абавязак усіх нас – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.
– З нагоды святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў нашым садку штогод ладзяцца выставы твораў і партрэтаў беларускіх пісьменнікаў. Сёлета на занятках “Дзіця і грамадства” праз віртуальнае падарожжа “Мой родны кут, як ты мне мілы!”, літаратурны квэст “Ехаў казачнік Бай” выхаванцы пазнаёмяцца з культурай і традыцыямі нашага народа. Разам з кіраўніком фізічнага выхавання цікава праходзяць хвілінкі-весялінкі “У гульні розныя гуляем, мову родную вывучаем”. Не застаюцца ўбаку і бацькі выхаванцаў. Яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі анлайн-акцыі “Чытаем беларускае”, марафона “Беларуская казка – дзецям!” і фота-відэатэкі “Беларускія стравы”.
21 лютага работнікі нашай установы прымуць удзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Дню беларускага пісьменства.
Кожны чалавек павінен ведаць сваю родную мову і нацыянальныя песні, танцаваць народныя танцы, падтрымліваць народныя традыцыі і звычаі роднага краю, любіць свае мясціны, сваю Радзіму. Таму мы, педагагічныя работнікі ДУА “Дзіцячы сад № 1 г.п. Карэлічы”, зробім усё магчымае, каб дапамагчы ў гэтым нашым выхаванцам.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара