Згодна праекта першая кропка маршруту — гэта крыніца, размешчаная паблізу в. Загор'е Красненскага сельсавета.
Вы ведаеце, што такое крыніца? Гэта дар Божы, гэта маленькі цуд прыроды. У ім бяжыць вада жывая, чароўная, святая. Яна ўвесь час у руху, як наша жыццё. Жывучы ў сінявокай краіне са шматлікімі рэкамі і азёрамі, кожны павінен разумець значнасць чысціні і жыццёвай энергіі гэтай жывой ніткі зямлі. Вакол крыніцы звычайна ўзнікае сваё адмысловае жыццё, тут і дрэвы пышней, і трава сакавіцей і вышэй, і зямля лепшая. Усім дорыць крыніца радасць. Здаўна пра гэты цуд прыроды складаліся легенды, вершы, паданні. Гэта скарбніца чыстай вады. А пітная вада неабходная чалавеку, асабліва ў гарачы дзень. Крыніцы неабходныя прыродзе. Яны, прабіваючыся з-пад зямлі ледзь прыкметным ключыкам, даюць падсілкоўванне нашым рэкам, а добрым людзям — абдымкі зямлі раскрываюць.
— Мы зацікавіліся аповедамі мясцовых жыхароў, якія дзяліліся ўспамінамі, што калісьці тут была крыніца з крыштальна чыстай вадой, – сказаў намеснік кіраўніка камісіі па пытаннях экалогіі, валанцёрскім руху і ўстойлівым развіцці Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Беларусь, старшыня Маладзёжнага парламента пры Карэліцкім раённым Савеце дэпутатаў, настаўнік Красненскай сярэдняй школы Юрый Юрчык. – З цягам часу крынічка прыйшла ў запусценне. У мінулым годзе былі ўзяты пробы вады, якія пацвердзілі словы мясцовых жыхароў. Заставалася толькі ўдыхнуць у яе новае жыццё. Шмат ужо зроблена па добраўпарадкаванні: устаноўлена бетоннае кола, вымашчаны каменем падыход, высыпаны пад’езд, высечана непатрэбная расліннасць. Сумесна з раённым Саветам дэпутатаў, настаяцелем храма святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы Ігарам Пірагом устаноўлены паклонны крыж. Падобныя праекты – выдатны спосаб паказаць падрастаючаму пакаленню, што разам, аб’яднаўшыся, мы зможам дасягнуць многага, калі пачнём з малога.
Старт па добраўпарадкаванні крыніцы быў дадзены восенню мінулага года.
Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош адзначае:
– Дыялог улады і грамадства тым больш канструктыўны, чым больш нацэлены абодва бакі на вырашэнне значных пытанняў. Людзі хочуць бачыць рэальныя справы з боку органаў улады, якія дапамагаюць палепшыць жыццё ў рэгіёне, павысіць яго якасць і камфорт. Грамадства саспела для таго, каб браць на сябе ініцыятыву і адказнасць, прыкладваць уласныя намаганні да рэалізацыі тых ці іншых сацыяльна значных мерапрыемстваў і праектаў. Крыніцы з'яўляюцца месцам сілы і веры, унікальнымі прыроднымі воднымі аб'ектамі і нярэдка выкарыстоўваюцца насельніцтвам у якасці нецэнтралізаванага водазабеспячэння. З ініцыятывай адрадзіць крыніцу ў в. Загор’е Красненскага сельсавета першапачаткова выступіла старшыня Красненскага сельвыканкама Тамара Лейка. Мы падтрымалі ідэю і пагадзіліся дапамагчы ў яе рэалізацыі. Гэта ж для агульнай справы, для нашых людзей, для турыстычнай прывабнасці Карэліцкага краю.
– Крыніцы – сапраўднае багацце, якое трэба берагчы, – выказалася старшыня сельсавета Тамара Лейка. – Людзі павінны бачыць, што добрыя пачынанні падтрымліваюцца, тады і аддача будзе. Тым больш далёка не ў кожнай мясцовасці ёсць такія буячыя струменьчыкі чысцейшай пітной вады. Акрамя таго, гэта месца можа стаць славутасцю раёна і аб'ектам аднаго з турыстычных маршрутаў. Яно мае патрэбу ў нашай увазе і абнаўленні. З пачынаннем адраджэння жыцця крынічкі жыхары сельсавета і мясцовае насельніцтва звязваюць самыя светлыя намеры: пакуль жыве крыніца, будзе жыць і вёска. Таму рэалізацыя задумкі надзвычай важная.
– Каб захаваць крыніцы, неабходны меры па іх ахове і аднаўленні. Гэта ўключае строгі кантроль за забруджваннем вады, рэгуляванне выкарыстання водных рэсурсаў, правядзенне мер па рэкультывацыі і аздараўленні зон ваданосных гарызонтаў, – адзначае начальнік Карэліцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Сянкевіч. – Крыніцы – гэта не толькі вада, але і сімвал чысціні і прыгажосці прыроды. Яны нагадваюць нам пра важнасць захавання навакольнага асяроддзя і беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў. Наша задача – захаваць унікальныя прыродныя рэсурсы для будучых пакаленняў і дасягнуць гармоніі сумеснага існавання чалавека і прыроды.
Жыхары вёскі Загор’е, сужэнцы Уладзімір і Святлана Кужалевічы, адзначылі:
– Чалавек са старажытных часоў цесна звязаны з прыродай. На жаль, у сучаснае стагоддзе навукі і тэхнікі мяняюцца прыярытэты, людзі паступова страчваюць гэтую сувязь. Мы вельмі хочам захаваць вёску, а адраджэнне крыніцы – важны крок да дасягнення гэтай мэты. Зараз часта бачым тут людзей не з мясцовых, яны набіраюць ваду, прыязджаюць сем'ямі. Некаторыя проста сядзяць у гэтым ціхім месцы, адпачываюць, думаюць пра сваё. Гэта сапраўды ўнікальны куток, які прываблівае да сябе людзей рознага ўзросту. Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто прыклаў намаганні па добраўпарадкаванні нашай крынічкі, бо, дзякуючы грамадзянскай ініцыятыве, агульнай справе нераўнадушных людзей, удалося ўдыхнуць у яе новае жыццё. Гэта выдатны прыклад таго, як добрыя справы аб'ядноўваюць людзей. Разам мы можам многае.
Работы па навядзенні парадку на дадзенай тэрыторыі будуць працягнуты, і хутка гаючая крыніца стане яшчэ больш прывабным месцам для наведвання.
Ініцыятыўных людзей заўсёды відаць, таму што яны імкнуцца зрабіць нешта не толькі для сябе, а ставяць у аснову агульныя інтарэсы, вырашэнне сацыяльна важных задач. Вельмі прыемна, што на Карэліччыне шмат нераўнадушных людзей. А галоўнае, што працэс пачаты, людзі аб'ядналіся і зацікаўлены ў рэалізацыі задумкі. Вынік ужо спрагназаваны, і людзі бачаць, да чаго прыйдуць. Раённае кіраўніцтва, базавыя гаспадаркі заўсёды гатовыя працягнуць руку дапамогі, не застаюцца ў баку прадпрыемствы і арганізацыі. Але трэба адзначыць і той факт, што ёсць і такія грамадзяне, у якіх тысяча ідэй, але яны хочуць, каб хтосьці за іх усё зрабіў – дзяржава, суседзі, аднавяскоўцы, а яны будуць толькі назіраць збоку. Гэта няправільна. Кожны з нас павінен быць гаспадаром, а разам можна зрабіць многае. І рэалізацыя розных ініцыятыў гэта даказвае.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара