Главная / Новости / Новости района
20.05.2025

Возле мемориала "Звезда" в Кореличах прошел торжественный прием в пионеры

 19 мая  ў нашай краіне адзначаецца Дзень піянерскай дружбы. У гэты святочны дзень  школьнікі з усіх куткоў раёна сабраліся каля мемарыяльнага комплексу “Зорка”  на ўрачыстую лінейку “Будзь гатовы, заўсёды гатовы!”, падчас  якой больш 120 рабят  папоўнілі рады  дзіцячай маладзёжнай арганізацыі “БРПА”.

Ганаровымі гасцямі свята сталі першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня РА Беларускай партыі “Белая Русь” Яўген Чычкан,  начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама  Ірына Асташэвіч, галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў, старшыня Карэліцкага раённага аддзялення Беларускага Дзіцячага фонду Вольга Куляка,  метадыст ДУ “Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет” Дзіяна  Марцінеўская,  першы сакратар РК  ГА “БРСМ” Таццяна  Шэўчык, старшыня Карэліцкага раённага Савета ГА “БРПА” Юлія  Бында. 

 Павіншавала школьнікаў з сур'ёзным крокам – уступленнем у рады беларускай піянерскай арганізацыі  Юлія Бында:

-Дарагія рабяты! Паважаныя дарослыя! Усе, хто мае дачыненне да піянерыі. Я рада павіншаваць вас з такім выдатным святам як Дзень піянерскай дружбы. У жыцці хлопчыкаў і дзяўчынак  нашага раёна сёння важная падзея – яны становяцца на прыступку вышэй у сваіх справах і намерах, і ім будзе прысвоена ганаровае званне – піянер. Жадаю, каб гэта падзея стала пачаткам ажыццяўлення задуманых вамі ідэй, працягам добрых перамен. Ідзіце наперад, дасягайце задуманага, дапамагайце блізкім і заставайцеся сапраўднымі героямі.

Для малодшых школьнікаў гэтая дата па-свойму значная.  Цырымонія прайшла асабліва ўрачыста, каб важны момант у жыцці хлопчыкаў і дзяўчынак запомніўся. Рыхтаваліся да падзеі, развучвалі сакральную піянерскую клятву, з асаблівым трапятаннем разгладжвалі новенькія гальштукі. У вызначаную гадзіну  выстраіліся ў стройныя рады, горда трымаючы на правым сагнутым локці   чырвона-зялёны атрыбут  ГА “БРПА”.  Ганаровыя госці  павязалі гальштукі. 

-Увага, піянеры! Да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці будзьце гатовы! — гучыць заклік.

- Заўсёды гатовы! — хорам з натхненнем адказалі  школьнікі.

 Са словамі віншавання да   юных піянераў звярнулася Ірына Асташэвіч.  У сваёй прамове яна адзначыла, што яшчэ ўчора рабяты насілі акцябрацкія зорачкі, а сёння яны сталі піянерамі.

— Вельмі хочацца, каб вы з першай жа хвіліны зразумелі і запомнілі, што гальштук  не проста кавалак тканіны,  гэта новыя магчымасці, новыя адкрыцці, новыя сябры, а разам з тым новыя абавязкі і новыя клопаты.  У вас будзе шмат цікавых спраў і здзяйсненняў. Вы павінны заўсёды  імкнуцца быць першымі ў вучобе, спорце, даследчай працы.  Піянер  —  гэта вялікая адказнасць. Жадаю, каб вы заўсёды прытрымліваліся ідэалаў дабра, міру і справядлівасці, былі светлымі людзьмі і знайшлі сябе ў жыцці, — заключыла прамоўца. 

— Гледзячы на вас, з цяплом успамінаю, як і мяне  прымалі ў піянеры. Гэта было вельмі хвалююча, — звярнулася да рабят Вольга  Куляка.  Яна  адзначыла  важнасць захавання традыцый піянерыі і пажадала дзецям быць актыўнымі і мэтанакіраванымі. Таццяна Шэўчык сказала, што ўступленне ў піянеры  гэта выбар кожнага быць актыўным, дапамагаць тым, каму патрэбна дапамога, быць сапраўднымі патрыётамі Радзімы, а таксама гэта цікавае жыццё, напоўненае мноствам цікавых спраў.

Пасля ўрачыстасці школьнікі з вялікім гонарам  адказалі па пытанне карэспандэнта раённай газеты “Полымя”: “Як стаць піянерам?”

-Для гэтага трэба добра вучыцца. У мяне, напрыклад, адны  дзявяткі і дзясяткі. Трэба добра сябе паводзіць,  быць ветлівым, — сказала вучаніца сярэдняй школы № 2 райцэнтра  Паліна Тананка.

-Піянерам не так ужо і лёгка стаць. Трэба сабранасць і вытрымка, — пагадзілася з ёй аднакласніца  Мілана Клімовіч. —  Самае галоўнае — быць добрым да людзей і дапамагаць пажылым, бацькам і сябрам.

Вучні чацвёртага класа  СШ №1 г.п. Карэлічы Мацвей Радзюк і Дар’я Германюк   ганарацца , што  сёння сталі піянерамі.

-Мы далі не проста абяцанне паводзіць сябе добра, а ўрачыста паабяцалі ў прысутнасці ўсіх заставацца сумленнымі і справядлівымі,  мы абавязкова з гонарам будзем несці  званне ПІЯНЕР. А святочны момант надоўга нам запомніцца і стане стымулам для добрых спраў,  — паабяцалі юныя піянеры. 

Завяршылася ўрачыстая лінейка хвілінай маўчання  ў гонар загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўскладаннем кветак да абеліска “Зорка”.

 

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара