Главная / Новости / Новости района
14.05.2025

В Кореличах открылась выставка художественного отделения Кореличской ДШИ "Искусство и мы"

 Мастацтва аб'ядноўвае людзей: адны ствараюць творы, а другія зачароўваюцца імі. Так было і падчас адкрыцця выставы, дзе не было раўнадушных як сярод удзельнікаў, так і гасцей. Прываблівалі працы, жывы гук фартэпіяна і скрыпкі, шчырыя словы прамоўцаў — усё надавала сустрэчы сваю адметнасць і ўзнімала настрой у прысутных.

З прывітальным словам выступіла дырэктар Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Сняжана Каляда. Павітаўшы ўдзельнікаў выставы, прамоўца адзначыла вялікую ролю мастацтва ў жыцці чалавека, старанні настаўнікаў і навучэнцаў установы, якія праз мастацтва імкнуцца перадаць хараство навакольнага свету.

Калі ёсць талент

"У нас ёсць магчымасць тварыць. Мы можам спрабаваць, памыляцца, зноў спрабаваць — і станавіцца лепшымі кожны дзень. Быць — ужо шчасце. А жыць — гэта свята. Асабліва, калі побач тыя, хто верыць у цябе", —  так пранікнёна гаварылі вядучыя. І не без падставы: у выставачнай зале перад прысутнымі выступілі навучэнцы мастацкага аддзялення, якія ўмеюць не толькі маляваць, але спяваць, танцаваць, весці гаворку так, каб спявала душа. Яны запрасілі ў свет натхнення, яркіх слоў, сапраўдных эмоцый.

Вялікае ўражанне аказалі нумары мастацкай самадзейнасці ў выкананні Дар'і Германюк ("Лісічка"), навучэнцаў тэатральнага аддзялення ("Разбегліся фарбы"), Міхаіла Гавакі ("Цікаўная Варвара"), Марыі Каляды ("Краіна цудаў"), Самуіла і Руфіны Нарбутовіч ("Сонечнае кола").

Свет натхнення

Ганаровае права адкрыць выставу "Мастацтва і мы" прадастаўляецца намесніку старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўгену Чычкану, дырэктару навучальнай установы Сняжане Калядзе, загадчыку мастацкага аддзялення Анастасіі Чычкан і вучаніцы 3 класа па спецыяльнасці "Выяўленчае мастацтва", чыё імя занесена на раённую Дошку гонару ў 2025 годзе, Ангеліне Ясюлі.

Нашы погляды спыняюцца на творах, якія змешчаны на выставе. На іх без замілавання немагчыма глядзець: яны крананаюць да глыбіны душы. Нават немагчыма паверыць, што гэта зрабілі дзеці. Яны розныя па характары, узросце і імкненнях, але аб'ядноўвае імкненне перадаць у сваіх працах любоў да роднага краю.

На сустрэчы была выказана асаблівая падзяка бацькам за тое, што яны вераць у непаўторныя таленты сваіх дзяцей, а таксама словы прызнання таленавітым настаўнікам: Анастасіі Уладзіміраўне Чычкан, Святлане Мікалаеўне Гусаковай і Таццяне Пятроўне Звонка.

— Няхай наша выстава і наша сустрэча стане пачаткам чагосьці цікавага і яркага, як карціна нашага жыцця, якую мы толькі пачынаем пісаць, — пажадалі арганізатары.

Мовай лічбаў

На мастацкім аддзяленні Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў вучыцца 74 навучэнцы (г.п. Карэлічы — 43, Жухавіцкі філіял — 31). 

У групе ранняга мастацкага развіцця "Вясёлая палітра" за перыяд з 2019 па 2025 год навучалася 48 дзяцей дашкольнага і ранняга школьнага ўзросту.

У 2021-2022 навучальным годзе тром навучэнцам аддзялення аказана матэрыяльная дапамога з уручэннем пасведчання Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

На раённую Дошку гонару за перыяд з 2019 па 2025 год занесены пяць навучэнцаў аддзялення.

У 2024 годзе навучэнцы аддзялення прынялі ўдзел у 14 міжнародных і адной абласной выставе-конкурсе, двух рэгіянальных конкурсах. Усяго атрымана 26 Дыпломаў лаўрэата І ступені, восем — ІІ ступені, тры — ІІІ ступені.

За перыяд з 2019 па 2025 г.г. паступіла ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы сем навучэнцаў.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ